Мясцовыя выбары ў Беларусі 2014 году
← 2010 2018 →
| ||||
Мясцовыя выбары ў Беларусі 2014 году | ||||
23 сакавіка 2014 (10 гадоў таму) | ||||
Партыя | ГА «Белая Русь» | Камуністычная партыя Беларусі | ||
---|---|---|---|---|
Лідэр з | Аляксандар Радзькоў | Аляксей Сокал | ||
Папярэдняя колькасьць месцаў | >10 000 | 265[1] | ||
Колькасьць месцаў | >10 000 | 206 | ||
Розьніца (месцаў) | невядома | -59 | ||
Адсотак | >50 % | 1,1 % | ||
Вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў |
Мясцо́выя вы́бары ў Белару́сі 2014 го́ду — 6-я выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся ў сакавіку 2014 году.
Абралі 18 809 дэпутатаў у 1328 Саветаў[2]. Звыш паловы дэпутацкіх месцаў атрымала грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь». Пры гэтым, у 88 % акругаў выбары прайшлі на безальтэрнатыўнай падставе з адзіным кандыдатам[3]. Пагатоў, прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і іх выканаўчыя камітэты, якія ўтваралі выбарчыя камісіі, адмовіліся пусьціць у склад выбарчых камісіяў звыш 90 % прадстаўніц і прадстаўнікоў, вылучаных 3-ма зь 9 партыяў[4]. У выніку гэтыя партыі — Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» і Партыя БНФ — заявілі пра непразрыстасьць падліку яўкі і галасоў, у тым ліку на датэрміновым галасаваньні, бо былі выключаныя з дастаткова шырокага ўдзелу ў такім падліку ў складзе выбарчых камісіяў.
Дэпутаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выбарах павінны былі стаць абранымі 18 816 дэпутатаў 1328 Саветаў[2]:
- 1160 сельскіх Саветаў — 13 638 асобаў;
- 19 пасялковых Саветаў — 237 асобаў;
- 14 Саветаў гарадзкіх раённага падпарадкаваньня — 248 асобаў;
- 118 раённых Саветаў — 3913 асобаў;
- 10 Саветаў гарадзкіх абласнога падпарадкаваньня — 368 асобаў;
- 6 абласных Саветаў — 355 асобаў;
- Менскага гарадзкага Савета дэпутатаў — 57 асобаў;
Выбаршчыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Права на выбар мелі грамадзяне Беларусі, а таксама грамадзяне Расеі, якія пастаянна пражывалі ў Беларусі паводле 58-га артыкула Выбарчага кодэксу Беларусі. У агульнай колькасьці 6 971 521 асоба мела выбарчае права, у тым ліку 13 461 была залічаная ў сьпіс у дзень выбараў[2].
Выбарчая сыстэма
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выбары праходзілі ў 1 тур паводле аднамандатных выбарчых акругаў згодна з 3-м артыкулам Выбарчага кодэксу Беларусі. Ад кожнай выбарчай акругі выбіраўся адзін дэпутат. Мандат дэпутата атрымліваў кандыдат, які набраў самую адносную большасьць галасоў. У акругах, дзе быў толькі адзін кандыдат, кандыдаты мелі набраць ня менш як палову галасоў выбаршчыкаў[5].
Падрыхтоўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 чэрвеня 2013 году старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» Аляксандар Радзькоў абвясьціў на сустрэчы з прадстаўнікамі ад Быхаўскага раёну (Магілёўская вобласьць) пра падрыхтоўку вылучэнцаў на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі. Дзеля гэтага штотыдзень ладзілі навучальныя сустрэчы для раённых аддзяленьняў «Белай Русі»[6]. У верасьні 2013 году А. Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Беларусі прапановы аб папраўках у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія ўлучалі выбары дэпутатаў у 1 тур і забарону байкоту[7]. У выніку ўвялі адміністрацыйнае пакараньне за агітацыю ў падтрымку байкоту выбараў, а таксама перасталі выдаваць бюджэтныя сродкі на агітацыйныя матэрыялы вылучэнцам у дэпутаты[8].
16 сьнежня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 557 «Аб прызначэньні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь 27-га скліканьня» на 23 сакавіка 2014 году. 17 сьнежня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі (ЦВК Беларусі) зацьвердзіла каляндарны плян мясцовых выбараў. Да 24 сьнежня грамадзяне, працоўныя калектывы, грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі мелі падаць заявы аб вылучэньні сваіх прадстаўніц і прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў (ТВК), якія ўтвараліся да 27 сьнежня за 85 дзён да выбараў[9]. Заявы аб вылучэньні ў ТВК варта было падаць у прэзыдыюмы абласных і Менскага гарадзкога, раённых і гарадзкіх (абласнога падпарадкаваньня) Саветаў дэпутатаў і ў іх выканаўчыя камітэты, а таксама ў гарадзкія, пасялковыя і сельскія выканкамы, якія ўтваралі выбарчыя камісіі. Да 1 студзеня 2014 году мелі абнародаваць сьпіс выбарчых акругаў. Да 3 студзеня вылучалі прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі (АВК). Да 6 студзеня АВК утвараліся прэзыдыюмамі абласных і Менскага гарадзкога Саветаў дэпутатаў і іх выканкамамі, куды варта было падаваць адпаведныя заявы аб вылучэньні. Да 21 студзеня мелі стварыць участкі для галасаваньня[10].
Ад 12 студзеня па 10 лютага 2014 году прызначылі прыём заяваў аб вылучэньні на выбары; 5 лютага — заканчэньне ўтварэньня дзялянкавых выбарчых камісіяў; з 11—20 лютага — улік вылучэнцаў на выбары; з 20 лютага па 22 сакавіка — агітаваньне. Сьпісы выбарцаў мелі скласьці па месцы іх уліку. Назіральнікам варта было прайсьці акрэдытацыю. Улічаным вылучэнцам упершыню дазволілі стварыць асабістыя фонды для выдаткоўваньня на агітаваньне[11]. Датэрміновае галасаваньне мела прайсьці 18—22 сакавіка. Да 29 сакавіка ЦВК Беларусі мела прадставіць вынікі мясцовых выбараў на кожным узроўні Саветаў дэпутатаў. На правядзеньне мясцовых выбараў з рэспубліканскага бюджэту Беларусі вылучылі 100 млрд рублёў (9,7 млн даляраў ЗША), зь іх каля 70 % на заробкі амаль 80 000 сябровак і сяброў выбарчых камісіяў. Пасьля паправак у Выбарчы кодэкс пераможцу мясцовых выбараў мелі вызначаць паводле адноснай большасьці галасоў замест абсалютнай, як было раней. Права ўдзелу ў мясцовых выбарах таксама мелі грамадзяне Расеі, якія пастаянна пражывалі ў Беларусі (58-ы артыкул Выбарчага кодэксу Беларусі). Адначасна зь мясцовымі выбарамі 23 сакавіка прызначылі паўторныя парлямэнцкія выбары па Гомельска-Навабеліцкай акрузе № 36, бо ў 2012 годзе па ёй ня выбралі дэпутата[10].
27 сьнежня 2013 году ўтварылі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі[12]. Да 13 студзеня 2014 году ўтварылі акруговыя выбарчыя камісіі і распачалося вылучэньне кандыдатаў. Для ўліку вылучэнца на выбары ў пасялковы і сельскі Савет патрабавалася сабраць прынамсі 20 подпісаў выбарцаў, у раённы Савет — 75 подпісаў і ў абласны Савет — 150 подпісаў[13]. 13 студзеня ў Віцебску сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік у якасьці перавагі збору подпісаў на іншымі відамі вылучэньня адзначыў: «зьбіраючы подпісы, ініцыятыўная група ўжо можа агітаваць за свайго кандыдата»[14]. 21 студзеня ЦВК Беларусі адзначыла, што да гэтых выбараў улічылі больш ініцыятыўных групаў, чым падчас мясцовых выбараў 2010 году[15].
23 студзеня 2014 году ЦВК Беларусі паведаміла пра стварэньне 6170 участкаў для галасаваньня на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў, зь іх 269 (4 %) — у здраўніцах і лякарнях, а 39 (0,6 %) — у вайсковых частках[16]. Пры гэтым, задаволілі 99,7 % з 16 066 заяваў на ўлік ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў выбарцаў для вылучэньня кандыдатамі ў дэпутаты. Адмовілі ва ўліку 42 групам, а 3 адклікалі свае заявы[17]. 27 студзеня скончылі ўлік ініцыятыўных групаў, якія пачалі зьбіраць подпісы за вылучэнцаў у дэпутаты. Да прыкладу ў Гарадзенскай вобласьці на 2530 дэпутацкіх месцаў у 186 акругах прыпадала звыш 2000 ініцыятыўных групаў[18]. Да 8 лютага заявы аб удзеле ў выбарах падалі каля 17 000 вылучэнак і вылучэнцаў, палову зь якіх склалі дзейныя дэпутаты. Каля 8000 (47 %) заяваў прыпала на жанчынаў. Большасьцю вылучаныя асобы былі беспартыйнымі сябрамі Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі з найвышэйшай адукацыяй ў веку да 55 гадоў, якія мелі сям’ю і займалі такія пасады грамадзкіх працаўнікоў, як лекар і настаўнік. Найчасьцей самавылучаліся зборам подпісаў (65 %) і ад працоўных калектываў (33 %). Палітычныя партыі вылучылі 2 % кандыдатаў, улік якіх пачаўся 11 лютага[19].
19 лютага 2014 году Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі вызначыла пералік пасьведчаньняў асобы для атрыманьня бюлетэня на мясцовых выбарах, у які ўвайшлі: пашпарт, пасьведчаньне кіроўцы, вайсковы білет для вайскоўцаў тэрміновай службы, пэнсійнае пасьведчаньне з фотаздымкам, службовае пасьведчаньне чыноўніка і студэнцкі білет[20]. На 24 лютага ўлічылі 22 338 вылучэнцаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі[21].
Выбарчыя камісіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У склад 6170 участковых выбарчых камісіяў (УВК) уваходзіла 67 069 чалавек (па 11 чалавек). Сярод іх 71,2 % складалі жанчыны (47 741). На моладзь прыпадала 10,1 % (6743) сябровак і сябраў, а на дзяржаўных чыноўнікаў — 3,7 % (2454). У склад УВК улучылі 41,8 % (28 037) прадстаўніц і прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў, 37,1 % (24 917) — заяўніц і заяўнікаў, 17 % (11 378) — ад працоўных калектываў і 4,1 % (2737) ад 9 палітычных партыяў Беларусі. Пры гэтым, 86 % (2358) сябровак і сяброў ад партыяў знаходзіліся ў складзе сталічных УВК і належалі да 5 партыяў з найбольшай прадстаўленасьцю ва УВК. Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольшую долю прадстаўніц і прадстаўнікоў ва УВК мелі: 1) Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — 13 % (8 736), 2) «Белая Русь» — 6,2 % (4189), 3) Беларускі саюз жанчынаў — 6 % (4010), 4) Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) — 5 % (3354), 5) Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў (БГАВ) — 3,9 % (2642). Сярод партыяў найбольшы лік прадстаўніцтва ва УВК мелі: 1) Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (РППС) — 699 (1 %), 2) Беларуская сацыяльна-спартовая партыя (БССП) — 582 (0,9 %), 3) Камуністычная партыя Беларусі (КПБ) — 575 (0,9 %), 4) Беларуская аграрная партыя — 531 (0,8 %), 5) Рэспубліканская партыя — 327 (0,5 %), 6) Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» — 12, 7) Партыя БНФ — 6, 8) Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) — 3, 9) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 2[22].
У складзе 364-х акруговых выбарчых камісіяў (АВК) было 4 393 сяброўкі і сябры (па 12 чалавек). Зь іх 69,9 % (3069) прыпадала на жанчынаў. Доля дзяржаўных чыноўнікаў складала 12,2 % (538), а моладзі — 8,2 % (359). Грамадзкім аб’яднаньням (ГА) належала 48,6 % (2134) месцаў у АВК, заяўніцам і заяўнікам — 33 % (1452), працоўным калектывам — 13,1 % (574) і 8 партыям — 5,3 % (233). Найбольшае прадстаўніцтва ў АВК сярод ГА мелі: 1) ФПБ — 18 % (791), 2) «Белая Русь» — 7,6 % (334), 3) БРСМ — 6,2 % (273), 4) БГАВ — 5,6 % (245), 5) Беларускі саюз жанчынаў — 5 % (220). У АВК былі найбольш прадстаўленымі партыямі былі: КПБ — 3,4 % (148) і РППС — 1 % (46). Па 0,2 % месцаў у АВК мелі БССП (9), Рэспубліканская партыя і «Справядлівы сьвет» (па 8), БАП (7). Па 0,1 % месцаў займалі Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ, 4) і Партыя БНФ (3)[23].
Налічвалася 10 607 сябровак і сябраў у 1328 тэрытарыяльных выбарчых камісіях (ТВК, па 8 чалавек). Пры гэтым, сельскімі былі 1154 (87 %) ТВК, у якія ўваходзіў 81 % (8595) усіх сябровак і сябраў ТВК. Жанчыны займалі 80,5 % (8 534) месцаў у ТВК, у тым ліку 84,1 % (7232) у сельскіх. Чыноўнікі займалі 9,8 % (1037) месцаў, а моладзь — 7,8 % (830). Заяўніцы і заяўнікі складалі звыш паловы (52,1 %, 5 531) ў ТВК, але толькі ў сельскіх і пасялковых. Грамадзкія аб’яднаньні займалі 37 % (3928) месцаў, але пераважалі ў Менску (69,2 %), на абласным (50 %) і раённым узроўнях (44,2 %), а таксама ў гарадах, як абласнога (37,7 %), гэтак і раённага падпарадкаваньня (44,9 %). Ад працоўных калектываў у ТВК было 10,8 % (1148), а ад 9 партыяў — 0,9 % (97). Найбольш прадстаўленымі грамадзкімі аб’яднаньнямі ў ТВК былі: 1) ФПБ — 17,3 % (1833), 2) Беларускі саюз жанчынаў — 4,9 % (516), 3) «Белая Русь» — 4,7 % (495), 4) БГАВ — 4,1 % (431), 5) БРСМ — 3,2 % (336). Сярод партыяў найбольш месцаў у ТВК займалі: 1) КПБ — 71 (0,67 %), 2) РППС — 16 (0,15 %), 3) «Справядлівы сьвет» — 3, 4) ЛДПБ — 2. Па 1 месцы ў ТВК мелі АГП, БАП, Беларуская патрыятычная партыя, БССП і Партыя БНФ[24].
Агітацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]24 лютага 2014 году пачаліся радыёвыступы вылучэнцаў у дэпутаты, якім далі этэрны час у працоўныя дні да 14 сакавіка. У абласьцях магчымасьць выступіць прапаноўвалі мясцовыя радыёстанцыі. Радыё «Сталіца» давала час для выступу 168 вылучэнак і вылучэнцаў у Менскі гарадзкі і 57 — у Менскі абласны Саветы дэпутатаў. Кожны меў права на 1 бясплатны выступ цягам 5 хвілінаў[21]. Агітацыйныя сустрэчы на адкрытым паветры ладзілі да 22 сакавіка. Ва ўсіх раёнах Менску пад такія сустрэчы з выбарцамі вылучылі 228 пляцовак, дзе разьмясьцілі плякаты з жыцьцяпісамі вылучэнцаў[25].
Ад 24 лютага па 24 сакавіка 2014 году 332 (1,5 %) з 22 180 вылучэнцаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў апавясьцілі Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі аб правядзеньні 9064-х перадвыбарчых пікетаў і сходаў. Зь іх 8632 (95 %) мерапрыемстваў прыпала на 115 са 191-го вылучэнца ў Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў (па 75 мерапрыемстваў на вылучэнца за месяц)[26].
Назіраньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 23 сакавіка 2014 году налічвалася 29 926 акрэдытаваных назіральнікаў за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі (па 5 на выбарчы ўчастак). Зь іх 23 202 (77,5 %) былі сябрамі грамадзкіх аб’яднаньняў, 3218 (10,7 %) — ад працоўных калектываў, 1959 (6,5 %) — ад 14 палітычных партыяў Беларусі, 958 (3,2 %) — грамадзянамі-заяўнікамі, 565 (1,9 %) — дэпутатамі мясцовых Саветаў, 18 — дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Беларусі і 6 — сябрамі Савету Рэспублікі. Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў найбольш назіральніц і назіральнікаў выставілі: 1) «Белая Русь» — 6758 (22,6 % ад агульнага ліку назіральнікаў), 2) Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі — 4493 (15 %), 3) Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі — 3944 (13,2 %), 4) Беларускае грамадзкае аб’яднаньне вэтэранаў — 3739 (12,5 %), 5) Беларускі саюз жанчынаў — 1979 (6,6 %), 6) «Беларускі Хэльсынскі камітэт» — 113 (0,4 %), 7) Беларускі народны фронт «Адраджэньне» — 53 (0,2 %). Найбольш партыйных назіральнікаў мелі: 1) Камуністычная партыя Беларусі — 816 (2,7 % ад агульнага ліку назіральнікаў), 2) Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 266 (0,9 %), 3) Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» — 157 (0,5 %), 4) Аб’яднаная грамадзянская партыя — 134 (0,4 %), 5) Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 124 (0,4 %), 6) Партыя БНФ — 115 (0,4 %), 7) Беларуская аграрная партыя — 107 (0,4 %), 8) Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 83 (0,3 %), 9) Рэспубліканская партыя Рэспублікі Беларусь — 80 (0,3 %), 10) Лібэральна-дэмакратычная партыя — 56 (0,2 %), 11) Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ — 15 (0,1 %). Па 2 назіральнікі выставілі Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская патрыятычная партыя і «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»[27].
Галасаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]18 сакавіка 2014 году пачалося датэрміновае галасаваньне на больш як 6000 участкаў, які абсталявалі камэрамі відэаназіраньня і сыгналізацыяй. Выбарчыя ўчасткі працавалі а 10:00—14:00 і 16:00—19:00 і знаходзіліся пад аховай міліцыі[28]. Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што за 3 дні да 21 сакавіка датэрмінова прагаласавала 16,79 % выбарцаў, тады як у 2010 годзе — 15 %. Папярэдне выбарчыя камісіі разаслалі запрашэньне наведаць участак разам з жыцьцяпісамі вылучэнцаў. ЦВК Беларусі дасылала кароткае паведамленьне з запрашэньнем узяць удзелу галасаваньні сотавым абанэнтам «Вэлком», «Лайф» і «МТС»[29]. У асноўны дзень галасаваньня 23 сакавіка 6169 участкаў працавалі да 20:00[30]. За выбарамі сачылі каля 30 000 мясцовых назіральнікаў. Век вылучэнцаў у дэпутаты вагаўся ад 18 да 70 гадоў[31].
24 сакавіка сакратар ЦВК Беларусі Мікалай Лазавік паведаміў, што ў 4-х акругах выбары не праводзілі, бо «балятавалася па адным кандыдаце, і так склалася, што на дзень выбараў не засталося ніводнага». Лазавік удакладніў: «у Слонімскім раённым Савеце той, хто жадае стаць дэпутатам, праходзіць па крымінальнай справе, таму ён вымушаны быў зьняць сваю кандыдатуру. У Віцебскай вобласьці 2 кандыдаты, на жаль памерлі: у Чашніцкім раёне чалавек балятаваўся і ў раённы, і ў сельскі савет, у Лёзьненскім — толькі ў сельскі». Мікалай Лазавік адзначыў, што яго засмучаюць «безальтэрнатыўныя выбары ў многіх акругах», бо «там зьніжаецца цікавасьць насельніцтва да выбараў»[32].
28 сакавіка 2014 году старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідыя Ярмошына згадала пра 7 акругаў, дзе мусілі прайсьці паўторныя выбары. Ярмошына заявіла, што «ў 4-х акругах галасаваньне наогул не праводзілася», таму «выбары там будуць праводзіцца не пазьней за 3 месяцы пасьля іх прызначэньня. Гэтым зоймуцца пастаянна дзейныя тэрытарыяльныя камісіі». Таксама старшыня ЦВК адзначыла: «Ёсьць яшчэ 3 акругі, дзе дэпутаты ня выбраныя. Гэтыя акругі былі безальтэрнатыўнымі, і кандыдаты набралі менш як палову галасоў выбаршчыкаў», таму там пройдуць паўторныя выбары.
Скаргі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прэзыдыюмы Саветаў дэпутатаў і іх выканаўчыя камітэты, якія ўтваралі ўчастковыя выбарчыя камісіі, адмовіліся пусьціць у іх склад звыш 90 % прадстаўніц і прадстаўнікоў, вылучаных 3-ма зь 9 партыяў. Беларуская партыя аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» вылучыла 186 чалавек, зь якіх у склад УВК дапусьцілі 12 (6 % ад вылучаных). Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) вылучыла 118 сябровак і сябраў, зь якіх дапусьцілі 3-х (2,5 %). Партыя БНФ вылучыла 64 грамадзянаў, зь якіх прапусьцілі 6 (9 %)[4][22]. Тое самае назіралася на абласным узроўні ў акруговых выбарчых камісіях. «Справядлівы сьвет» вылучыў 97 сябраў, зь якіх прапусьцілі 8. Партыя БНФ — 44, а прайшлі 3. Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі (ЛДПБ) — 41, прапусьцілі ж 4. Таксама адмовілі ўсім 36 вылучэнцам ад АГП[33][23]. Падобны вынік быў і ў тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Ад «Справядлівага сьвету» з 23-х дапусьцілі 3-х, ад ЛДПБ з 12 — 2-х, ад АГП з 11 — 1-го і ад Партыі БНФ з 6 — 1-го[34][24]. 30 сьнежня 2013 году старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які быў сустаршынёй кампаніі «За справядлівыя выбары», заявіў: «Тое, як „стэрыльна“ былі ўтвораныя гэтыя камісіі, паказвае, што ўлады гатовыя да шырокамаштабных фальшаваньняў. І недапушчэньня хоць нейкага кантролю з боку грамадзкасьці». Старшыня АГП Анатоль Лябедзька з гэтай нагоды таксама адзначыў: «Тое, што мы можам сказаць пасьля першага этапу, — гэта поўны вотум недаверу гэтай «вашывай», несумленнай кампаніі» ўтварэньня выбарчых камісіяў[35].
13 сакавіка 2014 году на прыкладзе Віцебскай вобласьці тэлежурналістка Белтэлерадыёкампаніі Вольга Маслоўская заўважыла, што выбар вылучэнцаў «невялікі», бо «за работу ў мясцовых Саветах зарплата не належыць». Маслоўская адзначыла, што «на 3218 дэпутацкіх месцаў прэтэндуе на 235 (7 %) кандыдатаў больш», чым саміх месцаў. Пры гэтым, на 60 месцаў у Віцебскі абласны Савет дэпутатаў вылучылі 125 чалавек. Каля 5 % вылучэнцаў складала моладзь у веку да 30 гадоў[36]. 24 сакавіка 2014 году кампанія «За справядлівыя выбары» абвясьціла: «Вялікая колькасьць выяўленых сур’ёзных парушэньняў заканадаўства на ўсіх этапах выбарчай кампаніі і абсалютна непразрыстая для грамадзкіх назіральнікаў і большасьці сябраў выбарчых камісій працэдура падліку галасоў на 82,6 % участкаў, дзе вялося назіраньне, не дазваляюць прызнаць мінулыя выбары празрыстымі і справядлівымі, а абвешчаныя камісіямі вынікі такімі, якія рэальна адлюстроўваюць сапраўднае волевыяўленьне выбаршчыкаў». Іншая кампанія назіраньня «Права выбару» ўлучала назіральніц і назіральнікаў на 320 выбарчых участках у 93-х акругах ва ўсіх абласьцях Беларусі. У яе склад увайшлі прадстаўнікі 7 грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў: Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», «Гавары праўду», Партыя БНФ, Партыя свабоды і прагрэсу і Рух «За Свабоду». Кампанія «Права выбару» абвясьціла: «На 25 (8 %) участках з тых, па якіх ёсьць інфармацыя, камісіі ўвогуле зьдзейсьнілі парушэньне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — не вывесілі для ўсеагульнага агляду выніковы пратакол падліку галасоў»[37].
На 28 сакавіка 2014 году паступіла 1069 зваротаў наконт выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, зь якіх 180 (17 %) — ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, 479 (45 %) — у акруговыя і тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, 350 (33 %) — у Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі і яшчэ 60 (5 %) — у мясцовыя прадстаўнічыя, выканаўчыя і распарадчыя органы. Найчасьцей звароты і скаргі тычыліся: 1) дзейнасьці выбарчых камісіяў — 226 (21 %), 2) парадку галасаваньня і падліку галасоў — 158 (15 %), 3) уліку вылучэнцаў у дэпутаты — 103 (10 %), 4) акрэдытацыі і дзейнасьці назіральнікаў — 71, 5) перадвыбарчага агітаваньня — 62, 6) тлумачэньня выбарчага заканадаўства — 51, 7) уліку і дзейнасьці ініцыятыўных суполак — 34, 8) вылучэньня ў дэпутаты — 22, 9) складаньня сьпісу выбарцаў — 18, 10) прызнаньня выбараў несапраўднымі — 11[38]. 28 сакавіка старшыня ЦВК Беларусі Лідыя Ярмошына адзначыла: «Скаргі ў дзень выбараў паступалі — 27 пісьмовых і 44 вусныя»[39].
На 180 участках прысутнічала 220 кароткачасовых і 30 доўгатэрміновых назіральніц і назіральнікаў у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую ладзілі грамадзкае аб’яднаньне «Беларускі Хэльсынскі камітэт» і Праваабарончы цэнтар «Вясна»[40]. У справаздачы па выніках назіраньня за выбарамі назіральнікі адзначылі: 1) «46 % назіральнікаў кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары» не былі дапушчаныя на паседжаньні органаў па фармаваньні ТВК; 2) 43% не дапусцілі на паседжаньні органаў, якія фармавалі АВК; 3) 52 % не дапусьцілі на паседжаньні органаў, якія фармавалі УВК; 4) 100% назіральнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адмовілі ў праве назіраць за працэдурай праверкі подпісаў і іншых дакумэнтаў, пададзеных на рэгістрацыю кандыдатаў». З гэтай нагоды, як адзначалася ў справаздачы, «сьцьвярджаць, што падыход камісіяў да праверкі дакумэнтаў быў аб’ектыўным, немагчыма». Пры абраньні 18 809 мясцовых дэпутатаў выявілася, што «на 88% выбарчых акругаў выбары былі безальтэрнатыўнымі». Таксама «на 35% участкаў, на якіх знаходзіліся назіральнікі, не было аб’яўленьня вынікаў асобнага падліку галасоў» для датэрміновага галасаваньня, што парушала Выбарчы кодэкс Беларусі. Сярод іншага, «колькасьць выбаршчыкаў, якія прагаласавалі ў дзень выбараў, паводле зьвестак УВК была на 27,6 % большая, чым паводле зьвестак назіральнікаў». Назіральнікі засьведчылі прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні на 30,4 % выбарчых участкаў. Гэта было амаль удвая больш за ўзровень парлямэнцкіх выбараў 2012 году, калі гэтае парушэньне Выбарчага кодэксу выявілі на 16,8 % участкаў, дзе праводзілі назіраньне. Датэрмінова прымушалі галасаваць студэнтаў дзеля пражываньня ў інтэрнаце і супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Урэшце, «на 93% участках назіральнікі адзначылі, што адлегласьць да стала, на якім вёўся падлік бюлютэняў, не дазваляла ім бачыць іх зьмест»[3].
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яўка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі абвясьціла, што яўка на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі 2014 году склала: 80 % — у Берасьцейскай вобласьці, 82 % — у Віцебскай, 80 % — у Гарадзенскай, па 81 % — у Гомельскай, Магілёўскай і Менскай, а таксама 61 % — у Менску[41]. Паводле ЦВК Беларусі, агулам у выбарах узялі ўдзел 77,3 % выбарцаў, якія абралі 18 809 дэпутатаў мясцовых Саветаў[42]. То-бок агульная яўка мела скласьці каля 5,4 млн чалавек з амаль 7 млн улучаных у сьпісы выбарцаў.
Абраныя дэпутаты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абралі 18 816 дэпутатаў у 1328 Саветаў (у сярэднім па 14 дэпутатаў на Савет): 13 638 (72,4 %) — у 1160 сельскіх Саветаў (87,3 %, па 12), 3913 (20,7 %) — у 118 раённых (8,8 %, па 33), 368 (2 %) — у 10 гарадзкіх абласнога падпарадкаваньня (0,7 %, па 37), 355 (1,8 %) — у 6 абласных (па 59), 248 (1,3 %) — у 14 гарадзкіх раённага падпарадкаваньня (1 %, па 18), 237 (1,2 %) — у 19 пасялковых (1,4 %, па 12) і 57 — у Менскі гарадзкі Савет дэпутатаў[2]. 29 сакавіка 2014 году грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь» паведаміла, што яе прадстаўнікі занялі звыш паловы месцаў у мясцовых Саветах дэпутатаў Берасьцейскай, Гарадзенскай і Магілёўскай вобласьцяў. У Менскім гарадзкім Савеце дэпутатаў сябры «Белай Русі» занялі 44 зь 57 месцаў[43]. 4 палітычныя партыі Беларусі правялі ў мясцовыя Саветы 27-га скліканьня 1,3 % дэпутатаў (248), зь іх найбольш у: раённыя — 119 (3 %) і сельскія — 101 (0,7 %). Найбольш дэпутацкіх месцаў атрымалі: Камуністычная партыя Беларусі — 206 (1,1 %) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці — 34 (0,2 %). Беларуская аграрная партыя здабыла 6 месцаў, а Беларуская сацыяльна-спартовая партыя — 2[44].
1 красавіка 2014 году адбыліся 1-я паседжаньні новаабраных Саветаў дэпутатаў, падчас якіх абралі старшыняў і стварылі пастаянныя камісіі па бюджэце, сельскай гаспадарцы, навакольлі і харчаваньні. Старшынёй Менскага абласнога Савету дэпутатаў стаў Іван Ліпніцкі[45]. Сярод 57 дэпутатаў Менску 22 былі працаўнікамі будаўнічых, перавозачных і прамысловых прадпрыемстваў, 11 — установаў аховы здароўя і сацыяльнай абароны, па 6 — установаў асьветы і навукі ды прадпрыемстваў гандлю і паслугаў, а двое былі прадпрымальнікамі. Агулам 39 дэпутатаў былі кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў. Дагэтуль былі дэпутатамі 13 чалавек, зь іх 12 працавалі ў папярэднім складзе Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў. Двое выбіраліся звыш 3-х скліканьняў запар, а адзін — 6-ы раз. Сярод іншага, у Менскім гарсавеце налічвалася 9 сябраў палітычных партыяў[46]. 2 красавіка 2014 году на 1-м паседжаньні Менскага гарсавету старшынёй абралі Васіля Панасюка, які дагэтуль тройчы выбіраўся дэпутатам 24—26 скліканьняў і быў кіраўніком Менскай ЦЭЦ-4[47].
Урэшце Ярмошына паведаміла пра вынікі паўторных парлямэнцкіх выбараў па Гомельска-Навабеліцкай акрузе № 36: «перамагла Алена Астапюк, якая набрала 76,02 % галасоў выбаршчыкаў. На 2-м месцы знаходзіцца Мікалай Шкірэеў — 7,85 %, а на 3-м — Віктар Хоміч — 7,35 %»[39].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Зьвесткі пра склад абраных дэпутатаў мясцовых Саветаў 26-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 2010 г. Праверана 25 лістапада 2021 г.
- ^ а б в г Зьвесткі аб выніках выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 2014 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.
- ^ а б Папярэдняя справаздача па выніках назіраньня за выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га скліканьня // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 24 сакавіка 2014 г. Праверана 25 лістапада 2021 г.
- ^ а б Зьвесткі аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З (артыкулы 3 і 15) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 лістапада 2019 г. Праверана 21 сьнежня 2021 г.
- ^ «Белая Русь» рыхтуе кандыдатаў на выбары ў мясцовыя Саветы // Белтэлерадыёкампанія, 29 чэрвеня 2013 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Юры Дракахруст. Навошта ўдзельнічаць у выбарах, якіх няма // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 верасьня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.
- ^ Уладзімер Глод. Выбары: байкот забаронены, улётка — адна на ўсіх // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 сьнежня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.
- ^ Аб выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Газэта «Прамень» (Стоўпцы), 20 сьнежня 2013 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Новаўвядзеньні выбарчай кампаніі // Газэта «Голас Сеньненшчыны» (Сянно), 24 сьнежня 2013 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Цэнтарвыбаркам Беларусі даў старт кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы // Белтэлерадыёкампанія, 17 сьнежня 2013 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ У Беларусі завяршаецца першы этап кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы // Белтэлерадыёкампанія, 27 сьнежня 2013 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Выбары 2014: акруговыя выбаркамы сфармаваныя // Белтэлерадыёкампанія, 13 студзеня 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Ксенія Рабчынская. Беларусь рыхтуецца да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 13 студзеня 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў ідзе актыўна // Белтэлерадыёкампанія, 21 студзеня 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Лічба дня // Зьвязда : газэта. — 24 студзеня 2014. — № 13 (27623). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
- ^ Коратка // Зьвязда. — 24 студзеня 2014. — № 13 (27623). — С. 1.
- ^ Аляксандар Харавец. У Беларусі завершаны адзін з ключавых этапаў цяперашняй выбарчай кампаніі // Белтэлерадыёкампанія, 27 студзеня 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Сёньня апошні дзень для вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў // Белтэлерадыёкампанія, 10 лютага 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Сьпіс будучых кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў будзе адэкватна адлюстроўваць грамадзтва // Белтэлерадыёкампанія, 19 лютага 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Стартавалі радыёвыступленьні кандыдатаў у дэпутаты // Белтэлерадыёкампанія, 24 лютага 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Зьвесткі пра склад участковых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Зьвесткі пра склад акруговых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Зьвесткі пра склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ З кандыдатамі ў дэпутаты знаёміліся жыхары Першамайскага раёну // Белтэлерадыёкампанія, 12 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Зьвесткі пра колькасьць пададзеных апавяшчэньняў аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Зьвесткі пра назіральнікаў, акрэдытаваных выбарчымі камісіямі на выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 23 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Дар’я Белавусава-Пятроўская. Сёньня пачынаецца датэрміновае галасаваньне на выбарах у мясцовыя Cаветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 18 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах у Беларусі ідзе больш актыўна ў параўнаньні з кампаніяй 2010 году // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 21 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ 6 169 выбарчых участкаў па ўсёй краіне адкрытыя ўжо больш за 11 гадзін // Белтэлерадыёкампанія, 23 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Дар’я Белавусава-Пятроўская. У Беларусі падводзяць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 24 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Надзея Юшкевіч. Цяпер — за работу // Зьвязда. — 25 сакавіка 2014. — № 54 (27664). — С. 1, 3.
- ^ Зьвесткі аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Зьвесткі аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльвых выбарчых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 25 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Уладзімер Глод. Выбары-2014: сцэнар — ранейшы, апрабаваны // Беларуская служба Радыё «Свабода», 30 сьнежня 2013 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.
- ^ Вольга Маслоўская. 10 дзён - да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 13 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Выбары не былі празрыстымі і справядлівымі,— назіральнікі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 24 сакавіка 2014 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.
- ^ Зьвесткі пра звароты грамадзянаў у мясцовыя органы і выбарчыя камісіі ў час падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 28 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ а б Лідзія Ярмошына: Высокай яўкай на мясцовых выбарах выбаршчыкі прадэманстравалі жаданьне ўмацаваць дзяржаву // БелТА, 28 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Справаздача па выніках назіраньня за выбарамі дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га скліканьня // Праваабарончы цэнтар «Вясна», 24 сакавіка 2014 г. Праверана 25 лістапада 2021 г.
- ^ Беларусь падводзіць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 24 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Беларусь працягвае падводзіць вынікі выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў // Белтэлерадыёкампанія, 24 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ «Белая Русь» падвяла вынікі выбараў // Белтэлерадыёкампанія, 29 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Зьвесткі аб складзе абраных дэпутатаў мясцовых Саветаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 28 сакавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Дэпутаты мясцовых Саветаў 27 склікання сёньня сабраліся на свае першыя сэсіі // Белтэлерадыёкампанія, 1 красавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ Усе дэпутаты Менгарсавету 27-га скліканьня маюць вышэйшую адукацыю // БелТА, 2 красавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
- ^ М.Ладуцька: неабходна павышаць актыўнасьць жыхароў Менску ў вырашэньні пастаўленых перад горадам задач // БелТА, 2 красавіка 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га скліканьня (рас.) // Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі, 2014 г. Праверана 24 лістапада 2021 г.